Бібліятэка - пляцоўка міжкультурных зносін

26 лютага ў чытальнай зале бібліятэкі навучальнага корпуса №1 адбылася тэматычная сустрэча "Мова – жывая душа народа", прысвечаная Міжнароднаму Дню роднай мовы. Святкаванне ў бібліятэцы дня роднай мовы стала ужо добрай традыцыяй, яна аб'ядноўвае студэнтаў і выкладчыкаў і выклікае цікавасць.
У гэты дзень бібліятэка ператварылася ў пляцоўку міжкультурных зносін, дзе ўвага была ўдзелена розным мовам. Вядучыя мерапрыемства бібліятэкары Дзмітрук А. М. і Дарашэнка А. П. распавялі гісторыю свята, аб мовах "вялікіх" і "малых", звярнулі ўвагу на тое, што кожная мова ўнікальная, за кожнай асаблівы след у гісторыі і культурна-моўнай разнастайнасці.
Удзельнікамі сустрэчы сталі студэнты банкаўскага і біятэхналагічнага факультэтаў універсітэта, выкладчыкі і прадстаўнікі культуры і мастацтва горада Пінска, гэта спявак і кампазітар, мастак, аўтар і выканаўца песень Віктар Сямёнавіч Мяцельскі і старшыня савета гісторыка-патрыятычнага клуба «Пошук» Пётр Сяргеевіч Атанаў.
Як запрашэнне да шчырай размовы прагучаў верш беларускага паэта Пятруся Броўкі "Калі ласка". Кожны ўдзельнік мерапрыемства меў магчымасць праявіць сябе. Яны падрыхтавалі вершы і іх пераклады на рускай, беларускай, таджыкскай, туркменскай, французскай, англійскай, нямецкай і кітайскай мовах. Так, студэнты групы 19ЛМК-1 Занько Ірына і Фацеева Наталля прадставілі беларускую мову. Аскерка Захар і Дземянчук Марыя прачыталі верш і яго пераклад на англійскай мове. Студэнты групы 18ЛМК-1 Клімук Ілля, Петрычыц Кацярына, Шкроба Ірына і Дзеравянка Валерыя прадставілі нямецкую мову. Уварава Дыяна, Сакалова Елізавета, Літвінец Ганна і Клепча Ксенія пазнаёмілі слухачоў з кітайскай мовай. Вельмі прыгожа гучалі вершы на французскай мове у выкананні Нікіфаравай Іі, у перакладзе Коўтух Кацярыны.
Урыўкі са сваіх твораў нацыянальных аўтараў аб Радзіме прачыталі замежныя студэнты, якія навучаюцца у нас ва універсітэце. Прэзентацыю і відэаролік аб Туркменістане прадставіла студэнтка групы 16БТ-1 Зарыпава Сельбі. Навучэнцы Міраў Мухамадшарыф і Наімаў Шарафчон праспявалі гімн сваёй краіны, распавялі аб сваёй дзіўнай Радзіме – Таджыкістане, прадставілі прэзентацыю пра родную мову і таджыцкі алфавіт. У гэты дзень у студэнтаў была магчымасць расказаць пра мову і культуру свайго народа, пазнаёміцца з тымі, хто гаворыць на роднасных мовах, выклікаць цікавасць да вывучэння новых моў і знаёмству з новымі культурамі.
Музычныя кампазіцыі “Заўжды вярнуся” на словы Міхаіла Пазнякова, “Родная старонка” на словы Фёдара Баравога, “Слаўны горад Пінск” на  словы і музыку В. Мяцельскага, якія гучалі на працягу ўсяго мерапрыемства ў выкананні нашага земляка спевака і кампазітара, мастака Віктара Сямёнавіча Мяцельскага ўпрыгожылі сустрэчу і задалі ёй душэўны настрой.
Традыцыйна ў чытальнай зале гасцей і ўдзельнікаў сустракала тэматычная выстава кніг на беларускай і замежных мовах.
Бібліятэка выказвае вялікі дзякуй ўсім удзельнікам сустрэчы, куратарам груп Панкавец А.В. і Ізотавай Л.А., спецыялісту па працы з замежнымі грамадзянамі Кіевіч А.Л.,  спеваку і кампазітару, мастаку Мяцельскаму В.С.,  супрацоўніку аддзела ТСН і прагрэсіўных тэхналогій Дубойскаму С.В.