21 лютага ў ліцэі святкавалі Міжнародны дзень роднай мовы

21 лютага ліцэісты святкавалі Міжнародны дзень роднай мовы. У ліцэі ў гэты дзень адбыліся цікавыя акцыі, гульні, віктарыны на беларускай мове. Савет ліцэістаў пры падтрымцы Дзянісавай І.М. і Мандзік Н.Ф. падрыхтаваў і правёў шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтай даты.
Дзень роднай мовы – адмысловы дзень, абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА па прапанове Бангладэша ў 1999 годзе. У 2009 годзе Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры беларуская мова была залічана да моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. З таго часу Дні роднай мовы пачалі ладзіцца рознымі ўстановамі Беларусі. У ліцэі ў гэты дзень была арганізавана акцыя “Гавары са мной па-беларуску”. Беларускую мову можна было пачуць не толькі на занятках, але і на перапынках. На інфармацыйнай гадзіне ліцэісты пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення свята роднай мовы. Яшчэ адна акцыя “Напішам сказ разам” мела на мэце звярнуць увагу на непараўнальнае гучанне і спецыфічны каларыт беларускіх слоў. На папулярызацыю беларускай мовы, выхаванне любові да роднага слова, цікавасці да твораў беларускіх пісьменнікаў, павагі да гісторыі Беларусі былі накіраваны наступныя мерапрыемствы: віктарына “Аматары роднага слова”, эрудыт-лато, конкурс “Імёны і прозвішчы”, гістарычнае падарожжа, музычныя хвілінкі “Спяваем беларускія песні разам”. Свята пакінула ў сэрцы кожнага часцінку дабрыні і любові да роднай мовы.