Для сотрудников и студентов
- Сотрудникам
- Студентам
- Выпускникам
- Поступающим
- Услуги
22 красавіка, напярэдадні святкавання 71-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, ліцэісты, а таксама студэнты Палескага ўніверсітэта былі ўзнагароджаны паездкай у Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Так сталася, што сёння людзі па-рознаму адносяцца да падзей Вялікай Айчыннай вайны, па-рознаму ацэньваюць яе вынікі. Напрыклад, апошні час усё часцей і часцей даводзіцца чуць версію пра тое, што калі б не было актыўных дзеянняў з боку партызан і падпольшчыкаў, то нямецкія захопнікі не знішчалі б мірнае насельніцтва, і быццам бы да пачатку вайны наогул не планавалася праводзіць палітыку генацыду на акупіраваных тэрыторыях.
Я ж хачу асвятліць гэту праблему з пазіцый гістарычнай праўды і яшчэ раз даказаць усім тым, хто сумняваецца, што гады акупацыі Беларусі сталі сапраўднай драмай для яе народа.
У красавіку нам пашчасціла наведаць Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны у Мінску.
Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – першы ў свеце прысвечаны самай кровапралітнай вайне ХХ стагоддзя, і адзіны ў Беларусі, створаны ў гады фашысцкай акупацыі. Сёння гэта адзін з самых значных і вялікіх музеяў планеты – нараўне з багацейшымі зборамі ў Маскве, Кіеве, Новым Арлеане – якія расказваюць пра падзеі Другой сусветнай вайны.
За дзесяцігоддзі даследаванняў Вялікай Айчыннай вайны калекцыя музея вырасла ў шмат разоў, да гэтага часу яе кожны год папаўняюць 700-800 бясцэнных рарытэтаў. І ўжо ў ХХI стагоддзі па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь было прынята рашэнне стварыць для музея новы комплекс – з павялічанымі экспазіцыйнымі заламі, сучаснымі тэхнічнымі магчымасцямі, якія дапамагаюць расказаць і паказаць больш аб той трагічнай вайне…
Калі мы пад’ехалі да музея, перад намі прадстаў велічны будынак, узведзены ў знакавым месцы беларускай сталіцы – на плошчы Герояў побач са стэлай "Мінск – горад-герой" і музейна-паркавым комплексам "Перамога". Тут жа, на праспекце Пераможцаў, як нам вядома, па традыцыі праходзяць ваенныя парады і святочныя шэсці.
Сучасны будынак музея ўражвае не толькі маштабамі, але і сімвалізмам, што адлюстроўвае вехі гісторыі 1941-1945 гадоў. Кампазіцыя аб’ядноўвае 4 асноўныя блокі – па колькасці ваенных гадоў і франтоў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі. Галоўны фасад выкананы ў выглядзе святочнага "салюту": 11 ззяючых "прамянёў" са сталі сімвалізуюць Вялікую Перамогу і адначасова нагадваюць аб 1100 трагічных днях і начах акупацыі Мінска.
Усяго ў фондах захоўваецца амаль 145 тысяч рарытэтаў, сабраных у час баявых дзеянняў на тэрыторыі Усходняй Еўропы і Германіі, а таксама перададзеных пасольствамі розных краін ужо ў мірны час.
Ваенныя рарытэты складаюць 28 калекцый і экспануюцца ў 10 тэматычных залах:
"Мір і вайна";
"Мір напярэдадні і ў першыя гады Другой сусветнай вайны";
"Дарога вайны";
"Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Абарончыя баі ў Беларусі летам 1941 года. Смаленскі бой. Бітва пад Масквой 1941-42 гадоў";
"Карэнны пералом у ходзе вайны. Савецкі тыл";
"Нацысцкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі. 1941-44 гг.";
"Партызанскі рух і антыфашысцкая падпольная барацьба ў Беларусі. Удзел савецкіх грамадзян у еўрапейскім руху Супраціўлення 1941-45 гг.";
"Вызваленне Беларусі. Разгром фашысцкай Германіі, яе саюзнікаў і мілітарысцкай Японіі";
"Беларусь пасля вызвалення. 1944-1950 гады. Памяць пра вайну";
"Наследнікі Вялікай Перамогі".
У афармленні экспазіцый выкарыстаны мультымедыйныя тэхналогіі: шаравы экран, галаграфічныя 3D-інсталяцыі, туманны экран, які стварае эфект полымя.
Цікава правёў экскурсію па музеі Цуба Міхаіл Віктаравіч, настаўнік гісторыі ліцэя, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.
Усім вельмі спадабалася гэтае невялікае, але такое цікавае падарожжа. Кожны з нас быў крануты да глыбіні душы падзеямі, якія адбываліся на тэрыторыі нашай Радзімы. Вельмі ўзрушвалі, а часамі даводзілі да слёз гісторыі, якія расказваў Міхаіл Віктаравіч. Ён ад пачатку да канца экспазіцый змястоўна, глыбока адчуваючы і перадаючы жах вайны, даваў нам, сучаснай моладзі, такой далёкай ад тых падзей, задумацца над галоўнымі пытаннямі жыцця.
Вялікі дзякуй хочам сказаць усе мы за гэты час, праведзены з карысцю, за цікавыя гісторыі нашага экскурсавода – М. В. Цубы.
Гэтае падарожжа закранула кожнага. Я лічу, што гэты жыццёвы ўрок усе мы запомнім на доўгі час.